Перевести страницу

Статьи

Што агульнага ў Блоні і Луўра, ці як выжыць раённаму музею?

У вёску Блонь Пухавіцкага раёна, у якой знаходзіцца краязнаўчы музей, нашчадкі роду Бонч-Асмалоўскіх перадалі старажытную мэблю. Усе прадметы — ХІХ стагоддзя: абедзенны і пісьмовы сталы, шафа, люстэрка і туалетны столік пад яго, два крэслы, круглы столік, кніжная паліца і куфар. Атрымалася стварыць цэлы музейны пакой, які адпавядае той эпосе…


З піцерскай камуналкі — у экспазіцыю

Вядомага ў ХІХ стагоддзі двараніна Анатоля Бонч-Асмалоўскага калісьці выслалі з Пецярбурга за ўдзел у рэвалюцыйных хваляваннях. Сваім новым месцам жыхарства ён зрабіў Пухавіччыну, пасяліўшыся ў вёсцы Блонь. Аднак і тут ён не адмовіўся ад актыўнай грамадзянскай дзейнасці, яго маёнтак мясцовыя жыхары называлі не іначай, як «гняздом рэвалюцыйнай заразы»… Ужо ў Беларусі ў вядомага рэвалюцыянера нарадзіліся дзеці Іван, Ірына, Радзівон, Глеб. Менавіта апошні, Глеб Анатольевіч Бонч-Асмалоўскі, стаў пасля славутым навукоўцам, гісторыкам, антраполагам.

У маёнтку бацькі ў Блоні Глеб скончыў школу, затым вучыўся ў Мінскім камерцыйным вучылішчы і Мінскай гімназіі. Пасля гэтага малады чалавек паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт — з таго часу паўночная сталіца Расіі стала яго другім домам, там ён правёў большую частку жыцця. Пасля бацькі ў гэтай кватэры працягваў жыць яго сын Андрэй, затым унучка Марыя. Менавіта яна, руская пісьменніца, вырашыла ахвяраваць сваю маёмасць дзеля стварэння музейнага пакоя на радзіме знакамітага дзеда.

Дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч расказаў, што летась сам ездзіў забіраць гэтую мэблю з Санкт-Пецярбурга. Усе прадметы, па яго словах, знаходзіліся ў піцерскай кватэры тыповай дарэвалюцыйнай пабудовы: пакой плошчай 48 квадратных метраў, з высокай столлю. «Пасля рэвалюцыі багатых высялялі і іх жыллё аддавалі простым людзям, — тлумачыць Аляксандр Прановіч. — Калі я быў у Санкт-Пецярбургу, вельмі здзівіўся, што там шмат людзей дагэтуль жыве ў такіх старадаўніх дамах, з агульным калідорам. Аднак цяпер іх найчасцей здаюць прыезджым, якім трэба часова зняць жыллё». Атрымліваецца, што да таго, як знайсці сваё месца ў музеі, рарытэтная мэбля захоўвалася ў звычайнай камуналцы.

Цікава, што ў Піцер гэта мэбля магла трапіць з… Блоні (дзе знаходзіцца цяпер). На Пухавіччыну ж, верагодна, яе маглі прывезці з Крыма. Адтуль паходзіла жонка Глеба Бонч-Асмалоўскага. Яна была актрысай, яе бацька працаваў рэктарам мясцовага ўніверсітэта — таму мелася магчымасць перадаць маладой дыхтоўна зробленыя прадметы для інтэр’ера.

220 аўтографаў на памяць

Рарытэтныя прадметы мэблі — не адзіны гонар Пухавіцкага музея. Дырэктар адзначае, што ёсць у іх экспазіцыя, прысвечаная Якубу Коласу, зробленая пры непасрэдным удзеле яго сына Міхася Міцкевіча. Ёсць асобны збор пад назвай «Літаратурная Пухавіччына», у якім захоўваюцца звесткі пра мясцовых пісьменнікаў. Не менш каштоўным падаецца літаратурны пакой Алеся Бачылы. У ім сабраны кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў, якія падпісвалі і дарылі гэтаму аўтару свае выданні. Алесь Бачыла сябраваў з Піменам Панчанкам, Нілам Гілевічам, Максімам
Танкам і многімі іншымі. У пачатку 2000-х гадоў яго сын Барыс прапанаваў аддаць бібліятэку бацькі. Частка выданняў пайшла ў Зазерскую сельскую бібліятэку, а найбольш каштоўныя — больш за 220 кніг з даравальнымі надпісамі аўтараў — у музей. Таксама Барыс Бачыла перадаў асабістыя рэчы бацькі, дакументы, фота.

У музеі ў Блоні змяшчаюцца адметныя музычныя інструменты — тыя, што вырабіў самадзейны кампазітар і майстар Усевалад Жукоўскі. Ён валодаў незвычайным талентам і сам рабіў скрыпкі, беларускія цымбалы, ліры, дудкі. На яго інструментах ігралі «Песняры», імі карыстаўся аркестр усесаюзнага радыё і тэлебачання.

Ці ведаюць парыжане, дзе Луўр?..

Акрамя пералічаных экспазіцый, у Пухавіцкім краязнаўчым музеі можна ўбачыць яшчэ шмат займальнага, напрыклад экспазіцыі «Знакамітыя людзі краю», «У гады ліхалецця», «Народны побыт»… Мае музей і чатыры філіялы, сярод якіх мастацкая галерэя ў Мар’інай Горцы. Аднак Аляксандр Прановіч упэўнены, што нельга супакойвацца на дасягнутым і лічыць сваю музейную справу зробленай. «Я не прыхільнік таго, каб музей быў статычным, каб заўсёды паказвалася адно і тое ж, — кажа дырэктар. — Экспазіцыя павінна пастаянна абнаўляцца, дапаўняцца. Бо калі адзін раз паглядзелі — на наступны ўжо можа быць нецікава. Хоць і складана, мы імкнёмся абнаўляць свае выставы, ствараем спецыяльныя музейна-адукацыйныя праграмы… Сядзець у музеі і чакаць, пакуль прыйдуць наведвальнікі, — гэта не выйсце». Супрацоўнікі самі выязджаюць у школы, арганізоўваюць там музейныя ўрокі, выставы, сустрэчы з цікавымі людзьмі.

У якасці прыкладу выдатнай музейнай працы Аляксандр Прановіч узгадаў абноўленую экспазіцыю ў музеі Янкі Купалы. Там шмат што паказваецца віртуальна. Экскурсавод носіць з сабой планшэт. А па сцяне нібы ходзіць жывы Янка Купала і чытае свае творы, урыўкі з лістоў. Дзякуючы такой падачы ўдаецца акунуцца ў асяроддзе мінулага часу, адчуць дух паэта і яго слова.

Аднак не ўсё залежыць ад якасці экспазіцыі і яе падачы, лічыць дырэктар: «Дзеці заканчваюць школы, а далей у іх ужо зусім іншыя інтарэсы — ці многія з іх у сталым узросце працягваюць наведваць музей?.. Не думайце, што ў Парыжы шмат парыжан ходзіць у Луўр. Спытайце ў француза, дзе ён знаходзіцца, — могуць і не ведаць. У Мінску, напрыклад, не ўсе гараджане адкажуць, дзе знаходзіцца Нацыянальны мастацкі музей. Так і ў нас, таму наведвальнікаў даводзіцца прывабліваць».


Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Адрес в интернете: http://zviazda.by/2014/05/41186.html

Нет комментариев

Добавить комментарий